ВАЛАДА́Р ГЛЕ́БАВІЧ,

князь менскі, магчыма, і гарадзецкі. Сын менскага кн. Глеба Усяславіча. Працягваў барацьбу менскіх князёў за ўстанаўленне дамінуючага становішча Менска ў Полацкай зямлі. У 1158 (паводле інш. крыніц у 1159) выступіў з братамі ў паход супраць полацкага кн. Рагвалода Барысавіча. У 1161 (1162) знаходзіўся ў Гарадцы (месцазнаходжанне не высветлена), разам з Літвою разбіў войска Рагвалода. У 1167 выступіў супраць полацкага кн. Усяслава Васількавіча і заняў полацкі трон, заключыўшы дагавор з вечам. Затым накіраваўся ў Віцебск, куды ўцёк Усяслаў, але, даведаўшыся, што на дапамогу віцябчанам ідзе смаленскі кн. Раман, вярнуўся ў свае землі.

Г.В.Штыхаў.

т. 3, с. 470

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)